Савет раённага аб’яднання прафсаюзаў  «Мы – каманда аднадумцаў»

27 лютага ў раёне прайшоў Савет Шумілінскага раённага аб’яднання прафсаюзаў.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юрый Дзеркач, старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч, старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый, сацыяльныя партнёры, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.

Пра вынікі работы раённага аб’яднання прафсаюзаў і задачах на бягучы год расказала старшыня аб’яднання Наталля Хамаганава. Яна адзначыла, што 2022 год для прафсаюзнага актыву Шуміліншчыны быў яркім, насычаным і напоўненым канкрэтнымі справамі. Аб’яднанне прафсаюзаў – самая масавая грамадская арганізацыя нашага раёна, якая аб’ядноўвае ў сваіх радах больш за 95% эканамічна актыўнага насельніцтва Шуміліншчыны. На тэрыторыі раёна дзейнічаюць 12 галіновых прафсаюзаў. Сёння ў прафсаюзных
радах раёна налічваецца больш за 5,5 тысяч чалавек, дзейнічаюць 4 раённыя арганізацыі галіновых прафсаюзаў, 80 пярвічак, больш за 20 арганізацый у выглядзе цэхавых камітэтаў структурных падраздзяленняў напрамую ўваходзяць у склад абласных прафсаюзных арганізацый.
«Працуючы ў цесным супрацоўніцтве з іншымі грамадскімі аб’яднаннямі, мы выступаем у ролі сацыяльных партнёраў органаў мясцовай улады і дзейнічаем як адна каманда аднадумцаў, – адзначыла Наталля Хамаганава. – І мэты і задачы ў нас агульныя – мір і стабільнасць у грамадстве, забеспячэнне бяспечных умоў працы і здароўя людзей. Мінулы год запомніцца як год прыняцця важных рашэнняў: мы прымалі актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму, ажыццяўлялі назіранне на ўчастках для галасавання». Наталля Хамаганава расказала пра маніторынгі цэн і ўнутрыпрафсаюзнай дысцыпліны, дыялогавыя пляцоўкі, ушанаванне ветэранаў вайны і працы, добраўпарадкаванне памятных і знакавых месцаў, культурна-пазнаваўчыя мерапрыемствы і тэматычныя аўта- і велапрабегі, у якіх актыўна прымалі ўдзел многія прафсаюзныя арганізацыі.

Ад раённага аб’яднання прафсаюзаў была аб’яўлена падзяка за сумесную плённую работу ў Год гістарычнай памяці арганізацыі ветэранаў (старшыны Таццяна Цэрах), раённай арганізацыі «Белая Русь» (Ірына Шалахава), райкаму ГА БРСМ (Вікторыя Бяляева).
Пра калектыўныя дагаворы (іх усяго ў раёне 60), прафсаюзную падтрымку людзей працы, аздараўленне і санаторна-куротнае лячэнне гаварыў у сваім выступленні Юрый Дзеркач. Ён падкрэсліў ролю сацыяльных партнёраў і адзначыў, што толькі разам, сумеснымі намаганнямі, шчырай плённай працай магчыма дабіцца поспехаў і лепшага жыцця.
Сяргей Галынчык адзначыў неацэнную ролю прафсаюзаў, для якіх важныя розныя аспекты: пачынаючы ад медаглядаў пры прыёме на работу, афармлення працоўных адносін, забеспячэння спецадзеннем да арганізацыі адпачынку і турыстычна-экскурсійнай дзейнасці, падзякаваў усім за работу. Разам з гэтым адзначыў, што варта больш увагі ўдзяляць моладзі, павышэнню яе ролі ў грамадскім жыцці, а таксама ўдасканаліць настаўніцкую дзейнасць для маладых спецыялістаў.

На савеце былі узнагароджаны пераможцы раённага конкурсу на лепшую пярвічную арганізацыю. Першае месца было прысуджана пярвічнай прафсаюзнай лясгасу (старшыня Анастасія Малашонак), другое – пярвічцы цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый (Людміла Адаменка), трэцяе – прафсаюзнай арганізацыі КУСГП «Сіроцінскі» (Антаніна Раманава).
Ларыса ЗАЙЦАВА.