На «Прарыў» і па мясцінах Васіля Быкава

 У значны для нашай краіны год – 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысціх захопнікаў – райкам прафсаюза работнікаў АПК арганізаваў паездку на мемарыяльны комплекс «Прарыў» ва Ушацкі раён. «Я была на “Прарыве” многа гадоў таму, – расказала намеснік старшыні прафсаюзнай арганізацыі райветстанцыі Валянціна Клюева. – Пасля рэканструкцыі тут вунь якое абнаўленне: і зямлянкі, і палявыя кухні, і ваенная тэхніка. Быццам акунаешся ў ваенныя часы, адчуваеш, як было цяжка партызанам вырвацца з вогненнага варожага кальца і вывезці за сабой мірнае насельніцтва. Сярод партызан быў і разведчык Міхаіл Ягораў, які ўстанавіў Сцяг Перамогі над Рэйхстагам, расказала нам экскурсавод». Шумілінская дэлегацыя пабывала таксама ў двух знакамітых мясцінах на Ушаччыне – у вёсцы Бычкі, дзе знаходзіцца музей-сяліба беларускага пісьменніка Васіля Быкава, і ў касцёле Святой Веранікі ў вёсцы Селішча. Па дарозе да дому заехалі на прадпрыемства «Полацкія напіткі і канцэнтраты», дзе даведаліся, колькі гатункаў квасаў выпускаюць у старажытным горадзе. Паездка ўсім спадабалася, яна пакінула яркія ўражанні.