Ірына Жогаль: Важна не толькі накарміць, але і дагледзець

Па выніках прафсаюзных спаборніцтваў за сакавік сярод аператараў па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы пераможцам прызнана Ірына Жогаль з ААТ «Ляжні». Ірына Марцінаўна амаль 24 гады працуе ў жывёлагадоўлі. Зараз даглядае 130 цялят групы дарошчвання. «Усе цяляткі мае, родныя, – кажа яна. –– Важна не толькі накарміць, але і дагледзець: каб у стойлах было чыста і суха, каб жывёла была здаровай». За здароўе адказваюць мясцовыя ветурачы, якім цялятніца ўдзячная за плённую работу па прафілактыцы захворванняў. Маладняк у групе Ірыны Жогаль укормлены і здаровы, таму сярэднясутачныя прывагі радуюць – яны складаюць 695 грамаў (летась было 502 г). З працоўнай перамогай Ірыну Жогаль павіншавала старшыня райкама работнікаў АПК Вольга Пусянкова. Яна ўручыла дыплом і памятны падарунак.