Рыхтуемся да пасяўной

Фарсіруюць рамонт тэхнікі
У майстэрнях сельгаспрадпрыемстваў раёна зараз прыпар: засталося не так многа часу для рамонту тэхнікі. Таму механізатары стараюцца, даводзяць да ладу трактары, замацаваныя за імі, а таксама пасяўныя агрэгаты, плугі, культыватары.
– Усяго ў сельгаспрадпрыемствах раёна налічваецца 214 трактароў розных марак, у тым ліку 34 з іх энерганасычаныя, – расказаў намеснік начальніка райсельгасхарчу Віталь Коваль. – На пачатак гэтага тыдня было адрамантавана 89% трактароў. Іх слабае звяно – гэта гумавыя шыны, якія каштуюць нятанна. Напрыклад, за шыну на МТЗ-3022 трэба выкласці амаль дзве тысячы рублёў. У раёне ёсць 24 пасяўныя агрэгаты. За іх рамонт узяліся загадзя, таму 21 гатовы хоць сёння выехаць на палеткі.
Фарсіравалі работы і па рамонце плугоў (іх 41, гатова 90%) і культыватараў (іх 25, гатова 92%). Пры падрыхтоўцы да пасяўной дапамаглі 200 тысяч рублёў, выдзеленыя з раённага бюджэту. Грошы размеркаваны па гаспадарках раёна. За іх куплены неабходныя падшыпнікі, сальнікі, лемяхі, долаты і іншыя запчасткі на пасяўныя агрэгаты, плугі і трактары.
Нядаўна мы пабывалі на мехдвары ў ААТ «Прыдзвінскі», сустрэліся з механізатарамі, якія рамантавалі тэхніку. На лінейцы гатоўнасці былі ўсе МТЗ-3022 (іх тры ў гаспадарцы), два шасцімятровыя пасяўныя агрэгаты. Ёсць тры плугі, два МТЗ-82, адзін з якіх плануюць задзейнічаць на ўнясенне ўгнаенняў, а другі будзе працаваць з плугамі.
– Зараз займаемся дробным рамонтам, – расказалі токар Міхаіл Лазука і механізатар Міхаіл Дзягілеў, якіх засталі за работай. – Вось даводзім да ладу МТЗ з лапатай – гэты трактар незамянімы для пагрузкі ўгнаенняў, для ачысткі фермаў ад гною.
На мехдвор пад’ехаў і кіраўнік гаспадаркі Уладзімір Дзятлаў. «Нягледзячы на тое, што збіраемся далучацца да суседняй гаспадаркі – ААТ “Ляжні” – усё роўна шчыльна рыхтуемся да пасяўной, падчас якой будуць працаваць нашы людзі і трактары з пасяўнымі агрэгатамі. Да таго ж, крывасельскія палеткі ніхто так добра не ведае, як мясцовыя механізатары. Вядома, далёка не на ўсе новыя запчасткі хапае грошай, таму прыходзіцца выкручвацца: дзе падварыць, дзе знайсці дэталі са спісаных трактароў. А яшчэ на пасяўную нам не хапае механізатараў, таму спадзяемся на дапамогу шэфскіх арганізацый.