Дапаможам медыкам

 

Ва ўмовах эпідэміялагічнай сітуацыі, выкліканай пандэміяй каронавірусу, нарадзіўся сапраўдны народны рух дапамогі медыцынскім установам і медыкам, якія ратуюць здароўе і жыцці людзей у складаных умовах. Так, на рахунак Шумілінскай ЦРБ на 17 красавіка паступіла 3762 рублі дабраахвотных узносаў, а яшчэ дапамагаюць бальніцы сродкамі індывідуальнай аховы і дэзынфіцыруючымі сродкамі, абсталяваннем і прадуктамі.

Сокі для ўрачоў і медсясцёр
Медсястра Шумілінскай ЦРБ Зінаіда Сцержанкова, якая вядзе ўлік дабрачыннай дапамогі ў бальніцы, адзначае, што кожны дзень гэтая дапамога расце. Дапамагаюць прадпрыемствы, грамадскія арганізацыі, індывідуальныя прадпрымальнікі і проста добрыя людзі. «Са “Славянскага прадукта” прывезлі фрукты і дэзсродкі, з магазіна “Ёршык” – мыючыя і чысцячыя сродкі, канцылярыю, з ПМК-70 – апырсквальнікі для апрацоўкі паверхняў, – расказала яна. – Адгукнуліся многія прафсаюзныя арганізацыі і працоўныя калектывы, якія пералічылі грошы на рахунак бальніцы. Дапамагаюць гаспадары прыватных магазінаў. Напрыклад, Аляксандр Мацуганаў пастаўляе для медыкаў, якія сёння кругласутачна працуюць у бальніцы, сокі і фрукты.
Усім хочацца выказаць вялікі дзякуй за дапамогу. Агульная бяда ўсіх нас не толькі аб’яднала, але яшчэ раз паказала, што людзі нашага раёна сардэчныя, добрыя, спагадлівыя і гатовыя прыйсці на дапамогу бліжняму».
Ларыса ЗАЙЦАВА.