Віншаванні – жанчынам «Яны ўпрыгожваюць свет»

Разам са старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Вячаславам Емяльянавым мы пабывалі на свяце ў райбальніцы «Яны ўпрыгожваюць свет», прысвечаным Дню жанчын. Яшчэ перад пачаткам мерапрыемства мы даведаліся, што ўсё мерапрыемства пры падтрымцы прафсаюзнай арганізацыі рыхтавала мужчынская палова райбальніцы. Яны былі і вядучымі, і спевакамі, і чытальнікамі вершаў, і арганізатарамі выстаў. Адным словам, праявілі ўсю сваю фантазію, паказалі свае мастацкія здольнасці. З вершамі і апавяданнямі ўласнага сачынення перад прысутнымі выступіў урач-кардыёлаг і вядомы ў раёне краязнаўца Віктар Улюценка. Больш таго, Віктар Васільевіч напісаў словы да песні пра вясну, з якой на сцэне выступіў самадзейны артыст Анатоль Міхееў. Вядучыя – фельчар Іван Казелька і рэнтгенлабарант Аляксандр Барадзін – чыталі цудоўныя вершы, прысвечаныя жанчынам. Фельчар “хуткай дапамогі” Раман Кулецкі граў на гітары і спяваў, жартоўныя прыпеўкі для жанчын падрыхтавалі хірург Аляксандр Рудовіч і акушэр-гінеколаг Аляксандр Матора. Арыгінальным было жартаўлівае віншаванне жанчынам урача-тэрапеўта Канстанціна Баканава. Тыя з мужчын, хто па нейкіх абставінах не мог прыйсці на свята або пасаромеўся выйсці на сцэну, падрыхтавалі для ўсіх жанчын райбальніцы відэавіншаванне. Яны расказалі, што жанчыны-дактары, медсёстры, санітаркі, бухгалтары бальніцы людзі неардынарныя, з залатымі рукамі і багатай фантазіяй. Дарэчы, у гэтым можна было ўпэўніцца на выставе мастацкай творчасці. Мужчыны райбальніцы запрасілі на мерапрыемства групу падтрымкі – самадзейных артыстаў Аляксея Цімафеева і Ірыну Салаўёву, якія падарылі ўсім святочныя песні. Увогуле свята прайшло рытмічна і весела, з твараў жанчын не сыходзілі ўсмешкі. А гэта самае галоўнае – значыць, сюрпрыз мужчынам удаўся. Ларыса ЗАЙЦАВА.