Слова – дэлегатам з’езда ФПБ

Слова – дэлегатам з’езда ФПБ Працаваць на тое, чаго чакаюць людзі З нашага раёна на 8-ы з’езд Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі былі дэлегаваны старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вячаслаў Емяльянаў і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова. Што запомнілася і спадабалася на галоўным прафсаюзным форуме, пра гэта мы запыталіся ў шумілінскіх дэлегатаў. Вячаслаў Емяльянаў: «На з’езд сабралася больш за 500 дэлегатаў з розных рэгіёнаў Беларусі. На мерапрыемстве падводзіліся вынікі работы за мінулую пяцігодку і абмяркоўвалася праграма дзейнасці ФПБ на 2020-2025 гады. Грунтоўным было выступленне старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіла Орды, які адзначыў, што прафсаюзныя лідары павінны працаваць на тое, чаго чакаюць ад іх людзі. Гэта і ахова працы, і паляпшэнне ўмоў на рабочых месцах, і прававая абарона грамадзян, і многае іншае. Увогуле акцэнтавалі ўвагу на ўсіх вартых увагі прафсаюзных ініцыятывах. Важкае дасягненне прафсаюза – штомесячныя прававыя прыёмы грамадзян, на якіх у абавязковым парадку прысутнічаюць прадстаўнікі пракуратуры. Чалавеку не трэба выязджаць да юрыстаў, ён можа на месцы атрымаць бясплатную кансультацыю. Міхаіл Орда расказаў, што на такіх прыёмах за пяцігодку пабывала каля 16 тысяч чалавек. Прафсаюзныя юрысты многім дапамаглі аднавіцца на рабочых месцах, абараніць свае законныя правы і інтарэсы. Станоўчыя прыклады ёсць і ў нашым раёне. Для сябе занатаваў у блакнот пра тыя змяненні, якія можна ўнесці ў калектыўныя дагаворы, пра матывацыі для стварэння на многіх прыватных прадпрыемствах прафсаюзных пярвічак, пра ўзаемадзеянне з сацыяльнымі партнёрамі і многае іншае». Вольга Пусянкова: «Усе выступленні для мяне былі слушныя і карысныя. Прызнацца, з нецярпеннем чакалі кіраўніка дзяржавы – бачыць і чуць яго з экранаў тэлевізараў – гэта адно, а ўжывую – зусім іншае. Вялася гаворка аб ролі прафсаюзаў ва ўсіх аспектах дзейнасці. Летась упершыню прадстаўнікі ФПБ удзельнічалі ў распрацоўцы праекта закона па змяненні ў Працоўным кодэксе, які істотна ўзмацніў гарантыі для работнікаў. Для мяне больш цікава было паслухаць пра тыя напрацоўкі, якія тычацца аграпрамысловага комплексу. Абмяркоўвалася, як для людзей стварыць прыдатныя ўмовы жыцця і працы, каб яны не імкнуліся кудысьці з’ехаць, каб працавалі на эканоміку нашай краіны, а не іншай. Яшчэ даспадобы было тое, што адкрыта абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з праблемамі фермераў. Гэта і выдзяленне земляў, і пакупка розных пабудоў, і набыццё тэхнікі, і рэалізацыя прадукцыі. Прадстаўнікі ФПБ выказалі меркаванне, што перш за ўсё трэба падтрымліваць сваіх вытворцаў. І я лічу гэта правільным: і ў нашым раёне многа працавітых людзей, якія могуць і хочуць працаваць на зямлі. Усіх нас, дэлегатаў з’езда ФПБ, нацэлілі на сур’ёзную карпатлівую работу, галоўным у якой быў і застаецца чалавек працы і абарона яго правоў». Ларыса ЗАЙЦАВА.