«Працую на пару з канём Мішам»

Развозіць, корміць, даглядае – так коратка можна ахарактарызаваць работу жывёлавода фермы Ляжні‑4 Аляксандра Карпава, які па выніках прафсаюзных спаборніцтваў за красавік вызначаны пераможцам.

«Працую на пару з канём Мішам, без яго – нікуды, – кажа Аляксандр Міхайлавіч. – Зімой даглядаў 80 цялят, зараз засталіся 43, бо большых выгналі на пашу. На коніку развожу за дзень з тону зялёнкі, якую прывозяць з поля да фермы. Таксама раздаю цялятам сена, рассыпаю камбікорм. Цяляты кожны дзень гуляюць на свежым паветры – дзверы на абгароджаную тэрыторыю адчынены. Праўда, у спякоту жывёла не вельмі любіць вуліцу, а вось цянёк ёй даспадобы. Працую ў ААТ “Ляжні” гадоў пятнаццаць, а да гэтага рупіўся на ферме ў Светласельскім. Так што вопыт догляду цялят маю багаты. За красавік сярэднясутачныя прывагі дасягнулі 536 грамаў. Галоўны прынцып маёй работы: прытрымлівацца тэхналогіі кармлення і догляду, тады і толк будзе».

З працоўнай перамогай Аляксандра Карпава павіншавала старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова. Яна ўручыла дыплом і падарунак, пажадала далейшага плёну ў рабоце.

Ларыса КІСЯЛЁВА.