На павестцы дня – бяспека

У рамках месячніка па забеспячэнні бяспекі ў перыяд вясенняй пасяўной кампаніі наш раён наведаў галоўны тэхнічны інспектар працы Віцебскай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Яўген Зуй.

Да маніторынгу двух сельгаспрадпрыемстваў – СУП «Лаўжанскае» і УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» далучыліся старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова і карэспандэнт раённай газеты. На мехдвары ў «Лаўжанскім» прафсаюзны інспектар вобласці сустрэўся з механізатарамі, якія ля К-744 з падчэпленым шыроказахопным культыватарам праводзілі тэхабслугоўванне перад выездам на поле. Яўген Зуй правёў гутарку з механізатарамі пра нормы і правілы па ахове працы, прывёў прыклады няшчасных выпадкаў з іншых абласцей і раёнаў. Заглянулі і ў мехмайстэрню, дзе знаходзіцца такарны і іншыя станкі. Токар, па ўсяму бачна, быў вопытны, бо адразу заўважыў, што яму па тэхніцы бяспецы можна працаваць без пальчатак, а вось ахоўныя акуляры патрэбны ў абавязковым парадку Разам з гэтым мясцовым механізатарам была зроблена і заўвага: замест спецыяльных металічных падставак (супрацьадкатных упораў) выкарыстоўваліся драўляныя калодкі.

У сталовай СУП «Лаўжанскае» заўваг не было, патрэбных санітарных нормаў тут прытрымліваюцца.
Пабывалі і на палетках УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» ва ўрочышчы Ільінцы, дзе вялася падрыхтоўка глебы. Яўген Зуй пацікавіўся, ці кормяць механізатараў, ці ёсць у трактары вогнетушыцель – адказам застаўся задаволены. А вось аптэчкі ў кабіне МТЗ не было, пра што і паведамілі кіраўніцтву сельгаспрадпрыемства.

На заклік Яўгена Зуя берагчы сябе і сваё здароўе мясцовы механізатар Ігар Цялушкін адказаў: «Мы беражом. Снарад вось знайшоў і не пад’язджаю ў той бок». Як высветлілася, механізатар паведаміў пра знаходку кіраўніцтву і пазначыў небяспечнае месца металічным прутом з цэлафанам. Прафсаюзныя лідары патэлефанавалі ў РАУС, на працягу гадзіны артылерыйскі снарад часоў Вялікай Айчыннай вайны быў абясшкоджаны. Яўген Зуй пахваліў механізатара за тое, што не чапаў знаходку і не пад’язджаў да яе на тэхніцы, бо снарад мог бы і ўзарвацца.